Вучыцца разумець радзіму

Творчасць Янкі Купалы i Якуба Коласа прадставілі на дзіцячых фотаздымках

 Да святкавання  135-годдзя з дня нараджэння  беларускіх  класікаў далучылася Цэнтральная дзіцячая  бібліятэка  Мінска. Адзначыць юбілей вырашылі праз спаборніцтвы для дзяцей: зладзілі конкурс рэспубліканскага маштабу «Творы Купалы i Коласа нас вучаць Радзіму любіць». У межах конкурсу школьнікі ва ўзросце ад 7 да 12 год дасылалі фатаграфіі, самастойна зробленыя па матывах прачытаных твораў песняроў. Конкурс ладзіўся ў дзвюх намінацыях: «Свет твораў Янкі Купалы — тваімі вачыма» (тут у розных узроставых катэгорыях перамаглі Вераніка i Маргарыта Шабуня) i «Свет твораў Якуба Коласа — тваімі  вачыма» (пераможцы —  Максім Кісель i Дар’я Смільгіна). Лідарамі інтэрнэт-галасавання  назвалі  Руслана Іскандарава ды Ігара  Еўдакімава. Спецыяльным прызам за чытанне твораў беларускіх класікаў дзецьмі іншых краін адзначылі Багдана Цішчанку i Уладу Валодзіну з горада Луганска.

  Пераможцаў конкурсу, прысвечанага спадчыне Якуба Коласа i Янкі  Купалы, павіншавалі  ў мінскай  Цэнтральнай дзіцячай  бібліятэцы  ў  першы  дзень зімы. Імпрэза атрымалася па-сапраўднаму святочная: напрыканцы ўрачыстай часткі гасцей частавалі  адмысловым тортам у выглядзе кнігі.  Дзеці чыталі вершы Янкі Купалы i Якуба Коласа, праглядалі падрыхтаваныя да мерапрыемства фотавыстаўку «Мой родны кут, як ты мне мілы!..» i выстаўку кніг юбіляраў. Літаратурны музей Янкі Купалы i Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа таксама далучыліся  да ўрачыстасцяў: прадстаўнікі музеяў сустрэліся з юнымі фатографамі ды ўручылі некаторым з ix асобныя прызы.

              Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Крыніца: Літаратура і мастацтва. — 2017. — №49.— С.3

Вы можете оставить комментарий, нажав здесь