Свята беларускага пісьменства: гульня (X-XI класы)

У дапамогу педагогу

Мэта: знаёмства з беларускімі гарадамі, гісторыяй, культурай, літаратурай.

Падрыхтоўка да гульні. Вучні аб’ядноўваюцца ў дзве каманды і выбіраюць капітана. На кніжнай выставе экспануюцца кнігі, часопісы, газеты, дзе змешчана інфармацыя пра свята беларускага пісьменства і гарады — сталіцы свята. У якасці падказкі ўдзельнікам выдаюцца карткі з пералікам усіх гарадоў — сталіц свята.

ХОД ГУЛЬНІ

Вядучы. У першую нядзелю верасня ўся Бе­ларусь адзначае цудоўнае свята — Дзень беларускага пісьменства. Пачатак святу паклала Міністэрства культуры пасля святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны. Гісторыя свята прыводзіць нас у 1994 год у старажытны горад Полацк. Штогод галоўны горад свята мяняецца. Традыцыйна гэта гарады —гістарычныя цэнтры культуры, навукі, літаратуры і кнігавыдання. I сёння мы з вамі ўзгадаем іх.

Тур І.

Сталіцы Дня беларускага пісьменства

Вядучы задае пытанні. Адказвае каманда, якая першая здагадаецца. За кожны правільны адказ камандзе налічваецца два балы.

Калі дазваляюць тэхнічныя сродкі, да гэтага тура падбіраюцца фотаздымкі гарадоў, па якіх каманды павінны будуць адгадаць горад.

  1. У якім горадзе знаходзіцца Барысаў ка­мень? (Полацк.)
  2. Недалёка ад гэтага горада ў часы Вялікай Айчынай вайны савецкімі войскамі былі ўпершыню выкарыстаны рэактыўныя ўстаноўкі «БМ-13″, якія ўсе ведаюць пад назвай «Кацюша». (Орша.)
  3. Гэты горад быў першай сталіцай ВКЛ. (Навагрудак.)
  4. У якім горадзе быў устаноўлены памятны крыж у гонар 1000-годдзя хрысціянства ў Беларусі? (Заслаўе.)
  5. На гербе гэтага горада знаходзіцца чырвоная лісіца і рука, якая трымае меч. (Мсціслаў.)
  6. У якім горадзе стаіць Белая вежа? (Камянец.)
  7. У якім горадзе амаль да сярэдзіны мінулага стагоддзя існаваў «торг на вадзе», дзе проста з лодак гандлявалі рознай жыўнасцю, зернем, сенам, дровамі і, вядома ж, рыбай? (Пінск.)
  8. Побач з якім горадам знаходзіцца эксперыментальная база Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі, на якой праводзіцца вывучэнне раслін з сямейства брусніц? (Ганцавічы.)
  9. Сімвалам якога горада з’яўляецца вежа з гадзіннікам? (Шчучын.)
  10. Некалі гэты горад быў рэзідэнцыяй некаранаваных каралёў Беларусі. (Нясвіж.)
  11. У якім горадзе праходзіць вішнёвы фестываль і ўстаноўлены помнік вішні? (Глыбокае.)
  12. Гэты горад заснаваў кіеўскі князь Уладзімір Святаслававіч. (Заслаўе.)
  13. У 2002 г. сталіцай Дня беларускага пісьменства стаў не горад, а гарадскі пасёлак у Карэліцкім раёне. Які? (Мір.)
  14. У якім горадзе знаходзілася акадэмія, дзе вучылі мядзведзяў? (Смаргонь.)
  15. У якім горадзе знаходзіцца помнік героям «Палескай хронікі» I. Мележа? (Хойнікі.)
  16. У якім горадзе знаходзіцца адзіны ў свеце помнік птушцы куліку-марадунцы? (Тураў.)
  17. Па ўзроставым крытэрыі, калі верыць «Аповесці мінулых гадоў», гэты горад саступае толькі Полацку. (Тураў.)
  18. Паблізу якога горада войскі Напалеона перапраўляліся праз Беразіну, калі адступалі з нашых зямель? (Барысаў.)
  19. У якім горадзе знаходзіцца помнік беларускай літары «ў»? (Полацк.)
  20. У якім горадзе знаходзіцца Слуцкая бра­ма — адзіная з пяці брам замка, якая захавалася да нашых часоў? (Нясвіж.)
  21. Дзе знаходзіцца папяровая фабрыка «Спартак»? (Шклоў.)
  22. Дзе праводзіцца фестываль сярэднявечнай культуры? (Навагрудак.)
  23. Гэты горад, тады яшчэ паселішча, быў упершыню ўзгаданы ў 996 г. пад назвай Пасаднік. (Паставы.)
  24. У Сярэднявеччы гэты горад славіўся ліцейнай гарматнай майстэрняй (людвісарняй). (Быхаў.)
  25. Які горад стаіць на рацэ Лясной? (Камянец.)
  26. У якім горадзе да Дня беларускага пісьменства было ўстаноўлена некалькі бронзавых бюстаў знакамітым беларусам — Язэпу Корсаку, Язэпу Драздовічу, Ігнату Буйніцкаму, Паўлу Су­хому, Вацлаву Ластоўскаму і інш.? (Глыбокае.)
  27. Горад — сталіца Палесся. (Пінск.)
  28. Недалёка ад гэтага горада ў 1514 г. войс­ка пад камандаваннем гетмана ВКЛ Канстанціна Астрожскага перамагло колькасна большыя маскоўскія войскі. (Орша.)
  29. Да пачатку 1990-х гг. у гэтым горадзе размяшчаўся гарнізон марской авіяцыі Балтыйскага флоту і база ракетаносцаў Ту-16. (Быхаў.)
  30. Які горад традыцыйна лічыцца радзімай абаранкаў? (Смаргонь.)
  31. У якім горадзе на тэрыторыі сучаснай Беларусі пачала дзейнічаць першая абшчына сясцёр міласэрнасці? (Шчучын, у 1742 г.)
  32. Які горад сярод сталіц беларускага пісьменства самы малады? (Ганцавічы, заснаваны ў 1898 г.)
  33. У якім беларускім горадзе знаходзіцца помнік агурку? (Шклоў.)
  34. Замак гэтага горада унесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. (Мір.)
  35. Які горад прадстаўляе футбольны клуб БАТЭ? (Барысаў.)

Конкурс капітанаў Суаднесці горад і інфармацыю пра яго. За кожны правільны адказ налічваецца адзін бал.

Сафійскі сабор Навагрудак
Герб з лучнікам Пінск
Гара Міндоўга Шчучын
Парк»Альба» Заслаўе
Найбуйнейшае прадпрыемства Беларусі па перапрацоуцы льну Барысаў
Помнік маракам Дняпроўскай ваеннай флатыліі Паставы
Музеі «Млын», «Хата завозніка», «Кузня», «Свіран» Полацк
Капліца-склеп Святаполк-Мірскіх Орша
Помнік князю Барысу Хойнікі
Помнік»Смутку» Мір
Рэспубліканскае свята «Звіняць цымбалы і гармонік» Тураў
Палац Друцкіх-Любецкіх Шклоў
Ратуша, якая нядаўна была занесена ў Каталог помнікаў сусветнай архітэктуры, выдадзены ўЗША Нясвіж

 

Даведкі: Сафійскі сабор — Полацк; герб з лучнікам — Тураў; гара Міндоўга — Навагрудак; парк «Альба» — Нясвіж; найбуйнейшае прадпрыем­ства Беларусі па перапрацоўцы льну — Орша; помнік маракам Дняпроўскай ваеннай флатыліі — Пінск; музеі «Млын», «Хата завозніка», «Кузня», «Свіран» — Заслаўе; капліца-склеп Святаполк-Мірскіх — Мір; помнік князю Барысу — Барысаў; помнік «Смутку» — Хойнікі; рэспубліканскае свята «Звіняць цымбалы і гармонік» — Паставы; палац Друцкіх-Любецкіх — Шчучын; ратуша, якая нядаўна была занесена ў Каталог помнікаў сусветнай архітэктуры, выдадзены ў ЗША, — Шклоў.

Пытанні для каманд (задаюцца ў час, калі капітаны выконваюць сваё заданне). Правільны адказ прыносіць камандзе пяць балаў.

  1. Якая адметная падзея ў галіне літаратуры адбудзецца на цырымоніі адкрыцця свята беларускага пісьменства ў Шчучыне? (Уручэнне Нацыянальнай прэміі ў галіне літаратуры.)
  2. Дзе і калі Францыск Скарына выдаў сваю першую кнігу — «Псалтыр»? (У Празе 6-га жніўня 1517г.)
  3. У якім годзе Кірыл і Мяфодзій склалі сла­вянскую азбуку? (У 863 г.)
  4. Дзе і калі на тэрыторыі сучаснай Беларусі была першая друкарня? (Брэст, 1553 г.)
  5. Калі ў Беларусі адзначаецца Дзень славянскага пісьменства і культуры? (24 мая.)

Тур 2.

Вялікія і славутыя асобы сталіц свята

Праводзіцца па правілах першага тура.

  1. Першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман скончыў рэальнае вучылішча гэтага горада. (Пінск.)
  2. Каго называюць усходнеславянскім «Златавустам»? (Кірыла Тураўскі.)
  3. Назавіце жанчыну-беларуску, якая прыняла манаства пад іменем Анастасія ў Заслаўі. (Рагнеда.)
  4. Хто заснаваў першую друкарню ў Нясвіжы? (Сымон Будны.)
  5. Гэты кафляных спраў майстар — выхадзец з Мсціслаўля — аздабляў шматлікія храмы Масквы. (Сцяпан Палубес.)
  6. Назавіце імя горадабудаўніка, які па загадзе князя Уладзіміра Васількавіча пачаў будаваць Камянец і Камянецкую вежу. (Дойлід Алек­са.)
  7. Палкоўнік войска Вялікага Княства Літоўскага, удзельнік бітвы пад Лейпцыгам, сусветна вядомы арнітолаг у палацы ў Паставах стварыў багаты арніталагічны музей і карцінную галерэю. (Канстанцін Тызенгаўз.)
  8. У якім горадзе правёў дзяцінства знакаміты беларуска-польскі пісьменнік Адам Міцкевіч? (Навагрудак.)
  9. Выхадзец з Мсціслаўля разам з паплечнікам у 1564 г. выпусціў у Маскве першую рускую друкаваную кнігу «Апостал». (Пётр Мсціславец.)
  10. У якім горадзе нарадзіўся акцёр, тэлевядучы, юмарыст, прадзюсер Вадзім Галыгін? (Барысаў.)
  11. У свой час Паставы былі адной з рэзідэнцый шляхецкага роду, прадстаўнікі якога зрабілі значны уклад у развіццё не толькі Пастаў, але і іншых беларускіх гарадоў, развівалі культуру, навуку. Назавіце гэты шляхетны род. (Тызенгаўзы.)
  12. У 1667 — 1668 гг. Клім Міхайлаў удзельнічаў у аздабленні Каломенскага палаца. У 1683 —1685 гг. узначальваў групу беларускіх і рускіх разьбяроў, якія стварылі помнік сусветнага значэння — 5-ярусны іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Крамлі. У якім го­радзе ён нарадзіўся? (Шклоў.)
  13. Ян Сініцкі (1856 або 1861 — 02.05.1939) —мемуарыст, падарожнік, карэспандэнт «Нашай Нівы», аўтар кнігі «Новая Зеландыя — Еўропа» (забаронена цэнзурай). Перад рэвалюцыяй 1905 — 1907 гг. вярнуўся на радзіму. За ўдзел у рэвалюцыйных падзеях быў арыштаваны і вы­сланы ў Валагодскую губерню. Там напісаў успаміны «3 майго жыцця ў вёсцы». Пасля вяртання ў родны горад стварыў там бібліятэку, займаўся садаводствам. Назавіце родны горад Яна Сініцкага. (Смаргонь.)
  14. Недалёка ад гэтага горада ў вёсцы Люсіна Якуб Колас пачынаў педагагічную дзейнасць. Цяпер у самім горадзе ўстаноўлены помнік пісьменніку. Назавіце горад. (Ганцавічы.)
  15. Хто ў 1610 г. у Быхаве пачаў будаўніцтва замка, які мы можам бачыць і сёння? (Ян Кароль Хадкевіч.)
  16. Які полацкі князь пачаў збіраць першую бібліятэку на Беларусі і адкрыў першую школу? (Ізяслаў.)
  17. У фарным касцёле гэтага горада вянчаліся Соф’я Гальшанская і польскі кароль Ягайла. (Навагрудак.)
  18. Хто выдатна скончыў школу ў Хойніках у 1938 г., працаваў у Хойніцкім райкаме камсамола? (Іван Мележ.)
  19. Які знакаміты беларускі пісьменнік нарадзіўся ў Оршы? (Уладзімір Караткевіч.)
  20. У якім горадзе прайшлі дзіцячыя гады Паўліны Мядзёлкі — першай выканальніцы ролі Паўлінкі ў славутай п’есе Янкі Купалы? (Глыбокае.)
  21. На хутары Акунёва, што ў Глыбоцкім раёне, у верасні 1939 г. нарадзіўся знакаміты пісьменнік, дзяцінства якога прайшло ў Глыбокім. Сусветна вядомым ён стаў дзякуючы раману «Знахар». Хто гэта? (Тадэвуш Даленга—Мастовіч.)
  22. У якім горадзе правёў дзяцінства і юнацтва знакаміты Канстанцін Астрожскі? (Тураў.)
  23. Паводле легенды, хто такая Чорная панна Нясвіжа? (Барбара Радзівіл.)
  24. У гэтым невялікім гарадскім пасёлку нарадзілася знакамітая беларуская пісьменніца Вольга Іпатава. (Мір.)
  25. Непадалёку ад Глыбокага ў фальварку Палівачы нарадзіўся знакаміты беларус — акцёр, рэжысёр, стваральнік нацыянальнага прафесійнага тэатра. Хто гэта? (Ігнат Буйніцкі.)
  26. Ён працаваў выкладчыкам у школе піяраў у Шчучыне, заснаваў пры ёй батанічны сад, адзін з першых даследчыкаў расліннасці на Бе­ларусь (Станіслаў Баніфацы Юндзіл.)
  27. Які майстар залатых спраў у 1161 г. з дрэва, золата і каштоўных камянёў зрабіў святыню Беларусі? (Лазар Богша.)
  28. Хто падчас Вялікай Айчыннай вайны камандаваў усімі партызанскімі сіламі Аршанскай зоны? (Канстанцін Заслонаў.)
  29. Якуб Колас працаваў настаўнікам у адной з школ гэтага горада. (Пінск.)
  30. Які магутны беларускі род заснаваў мядзведжую акадэмію ў Смаргоні? (Радзівілы.)

Тур 3. Знайдзі лішняе

У кожным лагічным ланцужку трэба знайсці лішняе і растлумачыць свой выбар. На кожны ланцужок слоў загадзя выбіраецца па адным удзельніку ад кожнай каманды, якія і будуць адказваць. Падказкі ад іншых удзельнікаў забараняюцца. Адказвае той, хто першым здагадаецца. За кожны правільны ад­каз камандзе налічваецца адзін бал, за правільнае тлумачэнне яшчэ адзін.

У выпадку няправільнага тлумачэння выправіць саперніка можа ўдзельнік другой каманды, за што яго каманда атрымае адзін бал.

  1. Ганцавічы, Быхаў, Шклоў, Мазыр. (Мазыр не з’яўляецца сталіцай свята).
  2. Францыск Скарына, Уладзімір Караткевіч, Сымон Будны, Усяслаў Чарадзей. (Уладзімір Караткевіч нарадзіўсяў Оршы, астатнія ў Полацку.)
  3. Кастусь Каліноўскі, Тадэвуш Касцюшка, Леў Сапега, Канстанцін Астрожскі. (Леў Сапега быў канцлерам ВКЛ, галоўнай яго дзейнасцю былі палітыка і дыпламатыя, астатнія праславіліся ў ваеннай галіне.)
  4. Нёман, Прыпяць, Днепр, Заходняя Дзвіна. (На Немане няма ніводнага горада, дзе праводзілася свята беларускай пісьменства.)
  5. Статут ВКЛ, Прадмова да зборніка «Дудка беларуская», Аповесць мінулых гадоў, «Біблія» Францыска Скарыны. (Прадмова да зборніка «Дудка беларуская» не з’яўляецца старажытным помнікам беларускага пісьменства.)
  6. Мікола Гусоўскі, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Францыск Скарына. (Дзейнасць М. Гусоўскага не была звязана з кнігадрукаваннем.)
  7. «Бандароўна», «Тутэйшыя», «Паўлінка», «Пошукі будучыні». (Пералічаныя творы акрамя «Пошукаў будучыні» належаць Янку Купалу.)
  8. Агурок, воўк, ў (у нескладовае), кулік. (Помнік ваўку знаходзіцца ў Ваўкавыску, а ён не быў сталіцай Свята беларускага пісьменства.)
  9. Максім Танк, Максім Багдановіч, Кандрат Крапіва, Янка Купала. (Максім Багдановіч сапраўднае імя пісьменніка, астатнія псеўданімы).
  10. Дзед Талаш, Міхал, Андрэй Лабановіч, Сымон-музыка. (Сымон-музыка не меў рэальнага прататыпа.)

Тур 4. Сталіцы свята ў літаратуры

За кожны правільны адказ каманда атрымлівае тры балы.

  1. Пісьменніка—дзекабрыста Фёдара Глінку вельмі ўразіў адзін з нашых гарадоў. I паэт прысвяціў гэтаму гораду некалькі вершаў. Вось радкі аднаго з іх:

Чудесный …! Твои раздолья

Достойны лучших мастеров.

Нигде не видел я привольней

Твоих раскидистых лесов.

Здесь Припять волны гонит в дали

У древних стен, вдоль берегов.

Чего они здесь ни видали

Во глубине седых веков!

Пра які горад пісаў Фёдар Глінка? (Пінск.)

  1. Назавіце знакамітага беларускага князя-пярэваратня, горад, дзе ён княжыў, а таксама прысвечаны яму гістарычны раман і яго аўтара. (Усяслаў Чарадзей, Полацк, «След ваўкалака», Леанід Дайнека.)
  2. Руская імператрыца Кацярына II у канцы XVIII ст. ехала праз Беларусь у Таўрыду. Кож­ны горад, які сустракаўся ёй на шляху, атрымаў распараджэнні і рэкамендацыі, як сустракаць імператрыцу, і дбайна рыхтаваўся да яе прыезду. Падрабязна падрыхтоўка мсціслаўцаў да прыез­ду Кацярыны II была апісана ў рамане «Госуда­рыня и епископ». Назавіце аўтара гэтага рамана. (Алег Ждан.)
  3. У 1934 г. Янка Купала напружана працаваў у творчай камандзіроўцы ў адным з невялікіх гарадоў Беларусі. Тут з’явіліся на свет вершы «На нашым полі», «Калгасу «Чырвоны баец»», «Я — калгасніца маладая…» і іншыя, а таксама паэма, прысвечаная гэтаму гораду. Назавіце го­рад. (Барысаў.)
  4. Пра які помнік сярэднявечнага дойлідства пісаў Валянцін Лукша?

Князь пільна дбаў пра непахіснасць межаў,

Каб менш было пакутных страт і згуб, —

На ўскрайку векавечнай Белавежы

Пры беразе ўзвёў каменны слуп.

Слуп гораду бяспеку гарантуе —

Як верная зарука ад зарук —

За вёрсты бачыць і за вёрсты чуе:

Чужак ідзе або надзейны друг.

(Белая вежа.)

  1. Веска Баркалабава, трапіла ў гісторыю як месца стварэння помніка беларускага пісьменства пачатку XVII ст. — Баркулабаўскага летапісу. Храналагічна ахопліваецца перыяд з 1545 да 1608 г., распавядаецца пра гісторыю Усходняй Беларусі, беларускую культуру і гістарычных асоб, пра будзённае жыццё простых людзей Беларусі. Каля якога горада знаходзіцца веска Баркалабава? (Быхаў.)
  2. Пра прыгоды і каханне 17-гадовай беларускай князёўны Соф’і Гальшанскай і 70-гадовага вялікага князя літоўскага і польскага караля Ягайлы, іх шлюбаванне, што адбылося ў Навагрудку ў лютым 1422 г., распавёў у гістарычным рамане Анатоль Бутэвіч. Назавіце гэты раман. («Каралева не здраджвала каралю, або Каралеўскае шлюбаванне ў Новагародку»).
  3. У 1834 г. Адам Міцкевіч стварыў сусветна вядомую паэму «Пан Тадэвуш», дзе апісаў замак Гарэшкаў. Які замак Беларусі стаў прататыпам замка ў паэме? (Мірскі замак.)
  4. У якім горадзе адбываюцца дзеянні ў п’есе «Крыж» Аляксея Дударава? (Полацк.)
  5. Пра якую шляхту ідзе гаворка ў знакамітай п’есе В. Дуніна-Марцінкевіча? (Пінскую, п’еса «Пінская шляхта».)
  6. Горад гэты будаваўся не абы-як: «…спачатку насыпаў тут князь рачнога пяску тоўсты слой. Пасля пачаў паліць лес і насыпаў пласт дробнага вугаллю ў тры аршыны. Потым на­дралі і палажылі пласт бярозавай кары; пасля кары насыпалі бітых гаршкоў; пасля — звярыных касцей. У канцы засыпалі пласт чашуі з пароды язя — і ўсё гэта засыпалі зямлёю»*. Будаваў так свой горад князь Тур. Назавіце гэты горад. (Тураў.)
  7. У адной з паэм Рыгор Барадулін апісаў працу скамарохаў, мядзведжую вучобу і іх выступленні перад гледачамі. Назавіце гэты твор. («Смаргонская акадэмія».)
  8. Назавіце гарады — сталіцы свята, пра якія ў кнізе «Менеск і яго браты» расказаў Уладзімір Ягоўдзік. (Полацк, Пінск.)
  9. У Міры намаганнямі энтузіяста-аматара быў створаны прыватны музей-сядзіба «Мірскі пасад», што, па словах уладальніка, знаходзіцца ў той самай карчме, дзе Уладзіслаў Сыракомля напісаў верш, асновай якога стаў расказ ямшчыка-паштальёна. Вольны пераклад верша Леанідам Трэфалевым на рускую мову стаў знакамітай народнай песняй «Когда я на почте служил ямщиком». Назавіце гэты верш. («Паштальён».)
  10. У які горад забрыў Сымон-музыка з аднайменнай паэмы Якуба Коласа? (Мір.)
  • Падвядзенне вынікаў гульні, узнагароджванне пераможцы.

* Легенды і паданні / склад. М. Я. Грынблат, А. I. Гурскі; рэд. тома А. С. Фядосік. — 2—е выд., дап. і дапрац. — Мінск : Беларус. навука, 2005. — С. 291.

              Марына ПЕТРАШКЕВІЧ,

                                      бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі № 8 г. Мінска.

Крыніца: Роднае слова.— 2015.—№8.—С.65—68

Вы можете оставить комментарий, нажав здесь