Сумесна з чытачом

Якіх кніг чакае юны чытач? Гэтае пытанне стала ключавым для «круглага стала», што адбыўся ў канферэнц-зале Выдавецкага дома «Звязда». Удзельнічалі ў ім і расійскія дзіцячыя пісьменнікі з Калінінграда Ірына Маткова ды Альберт Тайнікаў, якія напярэдадні наведалі некалькі сталічных дзіцячых бібліятэк.

Альберт тайнікаў

Ірына Маткова

Дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч распавёў гасцям пра струк­туру і сайт установы, пра творчыя стасункі з краінамі бліжняга замежжа, выпуск у Выдавецкім доме «Звязда» перакладной літаратуры, прадставіў кнігі, што выйшлі тут апошнім часам.

Удзельнікі разважалі пра пошук герояў і тэм у сучаснай дзіцячай літаратуры Беларусі, пра жанр аповесці для падлеткаў, наколькі юнаму чытачу сёння патрэбна адукацыйная кніга.

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» і выконваючы абавязкі галоўнага рэдактара часопіса «Бярозка» Святлана Дзянісава прадставіла часопіс «Бярозка», распавяла пра яго структуру, новыя рубрыкі, аўдыторыю і аўтараў. Сваю творчасць для дзяцей прадставілі айчынныя пісьменнікі Алег Ждан і Генадзь Аўласенка.

Загадчык аддзела дзіцячага кнігавыдання Выдавецкага дома «Звязда» Вольга Аляксеева зазначыла: сённяшняя дзіцячая літаратура, у прыватнасці кнігі, якія выдаюцца ва ўстанове, прадстаўлена вершамі, казкамі, буйнымі празаічнымі жанрамі. Бракуе, аднак, апавяданняў. Пра прэзентацыі айчынных аўтараў, чые кнігі пабачылі свет у Выдавецкім доме «Звязда», распавяла загадчыца сталічнай дзіцячай бібліятэкі № 2 Людміла Лустава.

Госця «круглага стала» Ірына Маткова не толькі піша для дзяцей, але і займаецца музейнай педагогікай: Ірына Валер’еўна — супрацоўнік калінінградскага музея «Фридландские ворота». Праз музейныя экспанаты яна раскрывае юным наведвальнікам гісторыю Калінінграда. I. Маткова засяродзіла ўвагу на жанравых асаблівасцях кніг, якія цяпер выдаюцца ў Калінінградзе.

Мастак-ілюстратар, паэт, супрацоўнік рэдакцыі калінінградскага дзіцячага часопіса «Мурр+» Альберт Тайнікаў упэўнены: сучасная літаратура для дзяцей павінна грунтавацца на пэўнай псіхалагічнай падрыхтоўцы. Галоўнае ж для пісьменніка — творчы тандэм з юным чытачом.

Паводле дырэктара цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска Таццяны Швед, гэты «круглы стол» — толькі частка вялікага комплексу мерапрыемстваў, якія сёлета ладзяцца да Міжнароднага дня абароны дзяцей. Так, штогод у Цэнтральным дзіцячым парку імя М. Горкага праходзіць гарадское свята дзіцячай кнігі «Чытай, сталіца!», падчас якога юныя чытачы ды іх бацькі маюць магчымасць сустрэцца з супрацоўнікамі ўсіх 18 сталічных дзіцячых бібліятэк і прадстаўнікамі Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Бібліятэкарамі вызначана і пяцёрка найбольш запатрабаваных чытачамі кніг 2014 года, у якую ўвайшлі «Казкі Сіняй падушкі» Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, «Сумны суп» Вольгі Гапеевай, серыя кніг «Вялікая маленькая дзяўчынка» Марыі Бяршадскай, «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй» Наталлі Бучынскай і «Прыгоды Шубуршуна» Алеся Карлюкевіча. Аўтарам года прызнаны Валерый Кастручын. А яшчэ па выніках 2014-га ўганараваны лепшыя юныя чытачы і чытаючыя сем’і.

Таццяна Швед адзначыла, што сёлета ў межах міжнароднай канферэнцыі «Чытанне і дзеці: дыяпазон бібліятэчных ідэй і магчымасцей» у сталічнай дзіцячай бібліятэцы № 3 імя А. П. Гайдара адбыўся «круглы стол» з удзелам пісьменнікаў і супрацоўнікаў айчынных і расійскіх дзіцячых кніжніц. Гэта дырэктар Магілёўскай абласной дзіцячай бібліятэкі імя У. I. Леніна Ілона Сарокіна, загадчыца Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі імя А. П. Гайдара г. Барысава Ірына Цэдрык, прадстаўнікі Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А. П. Гайдара г. Масквы і Калінінградскай абласной дзіцячай бібліятэкі імя А. П. Гайдара, а таксама Ірына Маткова, Альберт Тайнікаў ды іншыя.

Яна ЯВІЧ

Крыніца: ЛіМ.— 2015.— № 22. — С.10

Вы можете оставить комментарий, нажав здесь