Нібы аранжарэя

Як павялічыць колькасць чытачоў у бібліятэцы? Можна завесці мілую жывёлінку, стварыць зімовы сад, перыядычна праводзіць пазнавальныя  сустрэчы i віктарыны экалагічнай тэматыкі.   Бібліятэка як аранжарэя прывабіць многіх жыхароў сучаснага мегаполіса,  а прыемным бонусам   для супрацоўнікаў будзе   ўрачыстае ўзнагароджванне  міжнароднай прэміяй!

 Віталь Б’янкі — адзін з самых вядомых пісьменнікаў-натуралістаў.  Яго  творчасць цікавіць  многіх людзей,  асабліва маленькіх чытачоў. У межах міжнароднага расійска-беларускага праекта «Пад белымі  крыламі» Маскоўская абласная дзяржаўная  дзіцячая  бібліятэка, Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска i Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма заходняй адміністрацыйнай акругі  Расійскай Федэрацыі заснавалі штогадовую Міжнародную  літаратурную прэмію імя  В. Б’янкі. Сёлетняя прэмія была ўручана мінскай дзіцячай бібліятэцы № 11 за праект «Экалагічнае выхаванне».  Акрамя грашовай прэміі бібліятэка атрымала некалькі кніг: «Вялікая кніга апавяданняў» В. Б’янкі i два тамы «Легендаў роднага краю» Уладзіслава Бахрэўскага.

  У памяшканні бібліятэкі створана экалагічная зона адпачынку — зімовы сад, дзе квітнеюць больш як 200 відаў экзатычных раслін, якія спрыяюць  рэлаксацыі, душэўнаму i фізічнаму ўзнаўленню наведвальнікаў. У левай частцы — паліцы з кнігамі, у правай уздоўж вокнаў — райскі сад. Каб не паліцы з кнігамі, можна падумаць, што трапіў у аранжарэю. Асаблівасць гэтай бібліятэкі — экалагічны кірунак  дзейнасці. Супрацоўнікі распрацавалі  праграму «У  гармоніі з прыродай», у межах якой працуюць клуб для старшакласнікаў i дарослых «Кветкі для шчаслівага жыцця», клуб юных батанікаў «Чырвоная кветка» i «Каўчэг».

  Каб любіць прыроду, трэба ведаць яе, разумець яе мову. Не дзіва што i задача бібліятэкі  —  навучыць дзяцей любіць i  паважаць меншых братоў, раскрыць кожнаму дзіцяці непаўторнасць i значнасць кожнай жывой істоты, а таксама пазнаёміць з прадстаўнікамі жывёльнага свету ўсіх кантынентаў. Цягам шасці год ладзіўся цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных жывёльнаму свету планеты. Пасля кожнай сустрэчы дзецям давалі задание: падрыхтаваць творчую працу, малюнак, аповед ці верш  пра жывёліну. Таму да кожнага мерапрыемства  афармлялася экалагічная выстаўка дзіцячых работ.

  Калектыў узначальвае Вольга Грышчанкова, прафесіянал з 38-гадовым стажам работы ў сістэме дзіцячых бібліятэк.

  — Адна з адметных  рысаў інтэр’ера нашай бібліятэкі — вялікая  калекцыя хатніх i  экзатычных раслін. Кветкавая казка ў сценах бібліятэкі разгарнулася ўжо вельмі даўно, — распавядае Вольга Іванаўна. — Супрацоўнікі  бібліятэкі калісьці «пасялілі» прыроду ў выглядзе першых  парасткаў.  За  імі пацягнуліся чытачы.  Праўда, тады  гэтая  калекцыя не была багатая  экзатычнымі раслінамі. За час суіснавання  з раслінамі мы  набылі багаты досвед i практычныя навыкі па ix утрыманні. Кожны дзень нашу бібліятэку наведваюць да 150 чалавек. I, зразумела, сярод ix — аматары хатніх раслін. Неаднаразова нашымі чытачамі станавіліся мінакі, якія, загледзеўшыся на нашы вокны, упрыгожаныя кветкамі, адважваліся  зайсці ў памяшканне палюбавацца калекцыяй зблізку. Сваімі ведамі, досведам, літаратурай,  чаранкамі, насеннем мы  шмат гадоў з задавальненнем дзелімся  з чытачамі. Напрыклад, сёлета квітнела драцена духмяная, што вельмі рэдка здараецца ў хатніх умовах. Расліна не самая прыгожая, нагадвае пальму, але вельмі пахучая.

  За шмат гадоў існавання зімовага саду здарылася шмат цікавых гісторый. Вольга Іванаўна распавяла адну з ix:

  — Ёсць у садзе i свая зорка — дрэва японскіх імператараў, ці Мурая,  якая карыстаецца  папулярнасцю дзякуючы сваім гаючым уласцівасцям. Два  гады таму здарыўся кур’ёзны выпадак. У публікацыі ў «Вячэрнім Мінску» Наталля Пушкіна распавяла, што дрэва японскіх імператараў  падаўжае жыццё.  Колькі было званкоў! Людзі прыходзілі i прасілі адростак, бо Мурая сапраўды валодае гаючымі ўласцівасцямі.  Таксама Вольга  Грышчанкова ўзгадвае трусіка Вугельчыка, які калісьці жыў у бібліятэцы. Навіна пра трусіка разышлася па раёне як лясны пажар i цягнула ў бібліятэку маленькіх чытачоў i аматараў жывёл. На жаль, новых вушастых жыхароў тут пакуль не  з’явілася.

  У бібліятэцы ладзяцца  сустрэчы з аўтарамі кніг, выстаўкі-гербарыі, фотавыстаўкі,  феналагічныя  выстаўкі,  выстаўкі-інфарміны па экалагічнай тэматыцы, а таксама ўрокі здароўя, экалагічныя ўрокі,  гутаркі, віктарыны, конкурсы дзіцячай творчасці. I ўсё гэта побач з кветкавай казкай!

             Марыя ШЧЫПАНАВА

Крыніца: Літаратура і мастацтва. — 2017. — №19. — С.11

Вы можете оставить комментарий, нажав здесь