«Мінус» у «плюс» — гэта рэальна?

   Статыстыка  —  рэч не толькі аб’ектыўная, але, i прынамсі, інфарматыўная.  Яе цікава вывучаць  не толькі ў звязку з  нейкімі  фінансавымі ці эканамічнымі   рэаліямі, a i з тымі,  якія  непасрэдна тычацца  сферы культуры Беларусі.

   Скажам,   шмат  цікавых звестак змяшчаюць статыстычныя даныя Дзяржаўнай інфармацыйнай  сістэмы «Інтэграваны банк даных устаноў  культуры».   Напрыклад, возьмем статыстыку па бібліятэках краіны, падпарадкаваных  Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь за 2015 i за 2016 гады, каб паглядзець, наколькі тут адбыліся вялікія змены цягам мінулага года. Праўда, прадстаўленыя статыстычныя  паказчыкі не ўключаюць вынікі дзейнасці бібліятэк, закрытых у 2015 i 2016 гадах, але гэта, відаць, не так ужо i істотна для агульнай карціны.  Пачнём    з   дзіцячых бібліятэк.

Як вынікае,  за 2016 год у параўнанні з годам папярэднім,  колькасць дзіцячых «кніжніц» у Беларусі зменшылася на 13 адзінак, a чытачоў тут стала менш  на 35,9 тысячы чалавек, у тым ліку дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў —  на 28,7 тысячы чалавек. Такім  чынам, на пачатак 2017 года сістэма дзіцячых бібліятэк Беларусі налічвала 173 адзінкі. Для параўнання, дзесяць гадоў таму гэта  лічба складала 255 адзінак, a ў 2006-м — 259 на ўсю краіну.

   Больш за ўсё летась было зачынена бібліятэчных устаноў для дзяцей у Мінскай вобласці — усяго чатыры. У  астатніх абласцях краіны   за  год дзіцячых «кніжніц»  паменшала  на дзве адзінкі, праўда,  на Гродзеншчыне  закрылася ўсяго адна  бібліятэка. Не зачыняліся дзіцячыя бібліятэкі толькі ў Мінску — тут так i засталося 18 бібліятэк, як i годам раней. Але  ж, натуральна,  Мінск пастаянна расце, i  на 2-мільённы горад наогул можна было б  i павялічыць колькасць  дзіцячых  кніжніц, пра што ў нядаўнім інтэрв’ю «К» згадвала дырэктар   Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк сталіцы Таццяна Швед.

  Але ж пойдзем далей за статыстыкай. За 2016 год натуральным чынам скарацілася i кнігавыдача чытачам на агульную лічбу ў 707 тысяч  экзэмпляраў. Менш за  ўсіх сталі браць кнігі  ў бібліятэках той жа Мінскай   вобласці  («мінус»  206,2 тысячы экзэмпляраў),   на   Віцебшчыне (-195,3 тысячы) i Магілёўшчыне (-122,3 тысячы). Але ж вызначыць, дзе на кнігавыдачу паўплывала скарачэнне сеткі ўстаноў, а  дзе дзеці i ix  бацькі перасталі цікавіцца  кніжнымі навінкамі, з гэтых лічбаў не так ужо i проста. Хутчэй за ўсё, тут сыгралі ўсе гэтыя фактары разам.

  Зменшыўся  i агульны кніжны   фонд  дзіцячых бібліятэк:  за  год тут стала менш на 351,23 тысячы экзэмпляраў.   Скараціліся, дарэчы,  i  новыя паступленні: калі ў  2015-м годзе дзіцячымі    «кніжніцамі» было атрымана 257,1  тысячы экзэмпляраў выданняў,  дык  летась — толькі 204,58.

Апошнім пунктам  варта сказаць пра кадры. Скарачэнне  назіраецца  i  тут. Напрыклад,   па   даных, прадастаўленых самімі бібліятэкамі,  за год колькасць персаналу ў дзіцячых бібліятэках скарацілася на 81 штатную адзінку. Найбольш «пацярпелі» ў гэтым плане ўстановы  на Віцебшчыне i Міншчыне (па 19 штатных адзінак у  абедзвюх абласцях), на Гомельшчыне (-13) i  ў  самой сталіцы (-12). Прычым,  з бібліятэк  сыходзіла прыкладна  аднолькавая колькасць спецыялістаў як з вышэйшай  (-19 чалавек),  так i з сярэдняй спецыяльнай (-16 чалавек) адукацыяй.  Як бачна,  лічбы даволі сумныя,  хоць у артыкуле аналізуюцца  даныя ўсяго толькі за мінулы год. За больш  працяглы  тэрмін лічбы былі б,  зразумела, яшчэ больш  трывожнымі.

Ці спыніцца  негатыўная тэндэнцыя скарачэння  дзіцячых  бібліятэк  краіны, ці ператворыцца «мінус» у «плюс»? Пытанне,  мабыць, варта  адрасаваць мясцовым уладам, бо  менавіта ад ix пазіцыі залежыць існаванне дзіцячых бібліятэчных устаноў у раёнах Беларусі. I справа тут не ў  платных паслугах, на якіх,  натуральна,  у дзіцячых  «кніжніцах» шмат не заробіш, a ў тым, каб дзеці адчувалі сябе гаспадарамі ў сваіх кніжных дамах, а не туліліся ў  закутках «дарослых» бібліятэк.

  У  наступных нумарах «К» разгледзіць статыстыку па публічных бібліятэках Беларусі.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

 

Крыніца: Культура.— 2017.— №23. —  С.4

Вы можете оставить комментарий, нажав здесь