Дзень беларускага пісьменства ў Іванава

Дзень беларускага пісьменства з’яўляецца нацыянальным святам, якое праходзіць штогод у першую нядзелю верасня. I кожны год супрацоўнікі дзіцячых бібліятэк г. Мінска ўдзельнічаюць у ім, акрамя ўсяго наведваючы бібліятэку горада, дзе праходзіць свята.

У гэтым годзе Дзень беларускага пісьменства праводзіўся ўжо 25 раз! 1 адбывалася ўсё на Палессі ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці — цудоўным старажытным горадзе з багатай гісторыяй, у якім захаваліся духоўная спадчына і народныя традыцыі.

Падчас свята адбылася цырымонія адкрыцця памятнага знака «Слова Янава», прысвечанага 25 юбілейнаму Дню беларускага пісьменства. Цудоўна праходзіў фестываль кнігі і прэсы, на якім пісьменнікі і паэты прадстаўлялі свае творы, усюды гучала музыка, выступалі творчыя калектывы Палесся. Усіх прысутных, у тым ліку і высокіх гасцей, вельмі ўразіла мастацка-тэатралізаваная пастаноўка «Малой Радзіме пакланюся». Адбылася традыцыйная для гэтага свята ўрачыстая цырымонія ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў розных намінацыях за творы 2017 года. Узнагароды ад Міністэрства інфармацыі атрымалі сем беларускіх пісьменнікаў: Казімір Камейша, Васіль Шырко, Георгій Марчук, Зінаіда Дудзюк, Іван Штэйнер, Вольга Нікольская, Юлія Алейчанка. Свята атрымалася па-сапраўднаму змястоўным, цікавым, адметным і па праву застанецца ў гісторыі культурнага жыцця нашай краіны.

А. БЕРАЗОЎСКАЯ

загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУ «ЦСДБ г. Мінска»

Крыніца: Бібліятэка прапануе.—2018.—№10.—С.40

Вы можете оставить комментарий, нажав здесь