Бібліятэка і творца. Адкрыты дыялог

Сустрэча кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў Беларусі з супрацоўнікамі Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк і Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска прайшла ў сталічным Доме літаратара. Такое мерапрыемства ладзілася ўпершыню. На парадку дня — праблемы і прапановы, датычныя сумеснай працы СПБ і бібліятэчнай сістэмы сталіцы па прапагандзе творчасці пісьменнікаў Беларусі.

Старшыня СПБ Мікалай Чаргінец зазначыў: мэта сустрэчы — прадаставіць людзям магчымасць больш чытаць, а для гэтага трэба прымаць канкрэтныя меры, адна з якіх — рэгулярныя рабочыя сходы кіраўніцтва СПБ і прадстаўнікоў кніжніц.

Плануецца праводзіць іх штогод.

ФОто Чергинец и Т.ВМікалай Чаргінец уручае ўзнагароду Таццяне Швед.

— Супрацоўнікі бібліятэк — гэта людзі, якія ведаюць літаратуру і папулярызуюць яе сярод насельніцтва. Аднак яшчэ трэба навучыцца вызначаць сапраўдную літаратуру, лепшыя творы, трэба выпрацаваць сумесны падыход да вырашэння гэтай праблемы, — падкрэсліў Мікалай Іванавіч. — Да таго ж сёння бібліятэкі здольныя абслугоўваць сотні тысяч карыстальнікаў на аснове новых тэхналогій.

Дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска Алена Кубышкіна закранула пытанне камплектавання публічных кніжніц. Сёння бібліятэкі ўкамплектаваны, але роля чытання ў жыцці чалавека змянілася. Звузілася кола чытачоў — сярод іх нестае моладзі, прадстаўнікі якой аддаюць перавагу электроннай кнізе. Аднак у бібліятэках ёсць і чытаецца сучасная беларуская літаратура. Карыстаюцца попытам і кнігі, якія выдаюцца ў Расіі.

— Сёння мы працуем напрамую з выдавецтвамі, у ліку якіх — Выдавецкі дом «Звязда», «Мастацкая літаратура», «Чатыры чвэрці», «Харвест», — заўважыла Алена Віктараўна. — Вядома, беларуская бібліятэка павінна пачынацца з нацыянальнай кнігі. Так, ва ўсіх сталічных публічных бібліятэках ёсць кнігі серый «Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі», «Бібліятэка Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі», «Мінскія маладыя галасы». Галоўны наш партнёр у прасоўванні айчыннай кнігі — Мінскае гарадское аддзяленне СПБ на чале з Міхасём Пазняковым. 3 мінулага года па сёння ў бібліятэках прайшло больш як 200 літаратурных сустрэч з членамі СПБ.

Паводле дырэктара Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска Таццяны Швед, тут шмат робяць дзеля далучэння дзяцей да кніжніц і чытання, прапаганды беларускай мовы і літаратуры. Ад таго, як бібліятэка сустрэне маленькага грамадзяніна, залежыць, ці стане ён чытачом. Акрамя таго, дзяржава надае вялікую ўвагу камплектаванню бібліятэчных фондаў. Дзякуючы Міністэрству інфармацыі краіны ў спіс сацыяльна значнай літаратуры абавязкова ўключаюцца творы для дзяцей.

На думку доктара філалагічных навук, прафесара Івана Саверчанкі, дзяржава і СПБ ствараюць максімальна спрыяльныя ўмовы для раскрыцця творчага патэнцыялу пісьменніка, з’яўлення добрых літаратурных твораў. Пра дзейнасць і фонды школьных бібліятэк распавялі прадстаўнікі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі — метадысты Святлана Ціманюк і Валянціна Паграбіцкая, пра кнігі маладых аўтараў і працу бібліятэк з творчай моладдзю — старшыня Мінскага гарад­скога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў. Сакратар СПБ Георгій Марчук заклікаў супрацоўнікаў бібліятэк як мага часцей праводзіць пісьменніцкія сустрэчы.

Начальнік гандлёвага аддзела ААТ «Белкніга» Святлана Гук зазначыла: прадпрыемства працуе практычна з усёй літаратурай, якая выдаецца ў Беларусі і адразу ж трапляе на паліцы кнігарань. Сярод кніг, што выпускаюцца за ўласныя сродкі аўтараў, ёсць шмат якасных выданняў. Пры канцы сустрэчы Мікалай Чаргінец унёс прапанову прадумаць сістэму ацэнкі кнігі і абмену рэкамендацыямі наконт таго, якія кнігі варта чытаць і перавыдаваць.

Прагучалі і ноткі заклапочанасці не заўсёды прадуманым скарачэннем колькасці бібліятэк. Як адзначыў Мікалай Чаргінец, назіраюцца факты, калі зачыняюцца кніжніцы ў дастаткова буйных населеных пунктах. Між тым бібліятэка — не проста скарбніца ведаў, але і інструмент выхавання, самаадукацыі праз кнігу. Ад скарачэння колькасці бібліятэк мы нічога не выйграем: у грамадстве пабольшае негатыўных з’яў і яшчэ больш людзей адвернецца ад кнігі, перакананы Мікалай Іванавіч. Была выказана думка і пра недахоп літаратуры для школьнікаў, які прывёў да вывучэння твораў па канспектах.

Дыпломамі СПБ узнагароджаны публічныя бібліятэкі № 1, № 3, № 10, № 11, № 13, № 14 І № 15, з дзіцячых — № 5, № 9 і № 16. Граматы СПБ атрымалі загадчык публічнай бібліятэкі № 7 імя Якуба Коласа Людміла Каляда і загадчык дзіцячай бібліятэкі № 15 Ірына Дзевалтоўская. Ганаровы знак «За вялікі уклад ў літаратуру» атрымалі Алена Кубышкіна і Таццяна Швед, а таксама загадчыкі публічных бібліятэк: № 5 — Алёна Калейнік, № 21 — Нэлі Казак, № 22 — Наталля Ярашэвіч, загадчыкі дзіцячых бібліятэк № 4 і № 6Людміла Бусел і Тамара Патук.

Прынята рашэнне штогод праводзіць конкурс на лепшую бібліятэку і бібліятэкара з уручэннем адпаведных узнагарод і прэмій.

Яна ЯВІЧ

Крыніца: ЛіМ.— 2015.— №39.— С.1,2

Вы можете оставить комментарий, нажав здесь