Актыўнасць = новыя чытачы?

Бібліяноч на ўсю краіну: варта ці не варта спрабаваць

Бібліятэкары на «Ночы музеяў», кніжныя выстаўкі для пацыентаў дзіцячай бальніцы, вэбінары і кансультацыі чытачоў праз Сеціва… Пра гэта ды многае іншае напрыканцы мая распавядалі супрацоўнікі беларускіх і расійскіх бібліятэк пад час Міжнароднай канферэнцыі «Чытанне і дзеці: дыяпазон бібліятэчных ідэй і магчымасцей». Мерапрыемства наведаў і карэспандэнт «К».

Крэатыў і Гайдар

Падзея адбылася ў той сталічнай «кніжніцы», якая носіць імя Аркадзя Гайдара — у дзіцячай бібліятэцы № 3. Творчасць гэтага савецкага пісьменніка многія сёння ўспрымаюць далека не так адназначна, як трыццаць ці пяцьдзесят гадоў таму. Між тым, у краінах СНД існуе значная колькасць бібліятэчных устаноў, што носяць імя аднаго з першых дзіцячых літаратараў Краіны Саветаў, а ў Маскве раз на пяць гадоў ладзіцца злёт, на які прыязджаюць тыя, хто цікавіцца і прапагандуе творчасць аўтара «Цімура і яго каманды»…

Але бібліятэкары-«гайдараўцы» з Беларусі і Расіі сабраліся ў Мінску яшчэ і каб падзяліцца з калегамі сваім досведам па арганізацыі цікавых бібліятэчных праектаў — у тым ліку, і міжнародных, — ды самымі рознымі метадамі працы з дзіцячай аўдыторыяй. Пабываць на такой канферэнцыі, куды «К» запрасілі самі бібліятэкары, — гэта як завітаць на бясплатны майстар-клас ад піяр-менеджараў. Кажу, дарэчы, без перабольшання!

Ноч для бібліятэкі

Вось, да прыкладу, крэатыў ад супрацоўнікаў Калінінградскай абласной дзіцячай бібліятэкі імя Гай­дара. Бібліятэкары з Расіі ладзяць сустрэчы з чытачамі не толькі ў самой бібліятэцы ды гарадскіх па­рках і скверах, але і ўдзельнічаюць са сваімі выстаўкамі ды рэкламнай прадукцыяй у міжнародных мерапрыемствах: ад свята нацыянальных культур да Дня горада і Ночы музеяў…

Акрамя таго, бібліятэкары сістэматычна наведваюць маленькіх пацыентаў абласной дзіцячай бальніцы, што знаходзіцца непадалёк ад установы культуры, актыўна пазіцыянуюць сябе ў Інтэрнэце — на іх сайт завітваюць штогод каля 60 тысяч новых наведвальнікаў, — супрацоўнічаюць  з  мясцовымі медыя, ладзяць апытанні чытачоў, майстар-класы ды дзіцячыя мерапрыемствы на вуліцах Калінінграда, раздаючы дзецям і іх бацькам не толькі прызы за ўдзел у конкурсах, але і інфармацыйныя візітоўкі, дзе распавядаецца пра час працы бібліятэкі, тыя аддзелы, якія ў ёй знаходзяцца, пра тое, як туды лепш праехаць і якія кнігі там можна пачытаць.

Мерапрыемствы прыносяць свой плён. Як адзначыла «К» дырэктар Калінінградскай абласной дзіцячай бібліятэкі Аксана Васільева, рэкламная дзейнасць бібліятэкараў, а таксама тое, што супрацоўнікі «кніжніцы» ўдзельнічаюць у агульнагарадскіх мерапрыемствах, прывяла да таго, што ва ўстанову культуры пачалі завітваць новыя маленькія чытачы. I іх колькасць павялічваецца пастаянна…

Досвед і практыка

Але і ў айчынных бібліятэках крэатыўных мерапрыемстваў хапае: што ні кажы, а сёння, пры наяўнасці Інтэрнэта ды разнастайных сацыяльных сетак, пра той або іншы досвед можна даведацца амаль адразу. Было б толькі жаданне. I, відавочна, у многіх беларускіх профі гэтае жаданне ёсць…

Так, загадчык таксама гайдараўскай Бабруйскай цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі Інэса Захарава распавяла і пра выстаўкі, якія ладзіць установа, і пра сустрэчы з пісьменнікамі, і аб працы на летніх пляцоўках, і пра ўдзел у гарадскіх мерапрыемствах… Казалі пра свае крэатыўныя знаходкі і бібліятэкары Мінска, Магілёва, Барысава… Напрыклад, хтосьці ладзіць у бібліятэцы тэатральныя пастаноўкі, а нехта шчыруе над дзіцячымі конкурсамі — малюнкаў, фотаздымкаў, работ у галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, — ды стварае музейныя пакоі, дзе распавядае пра гісторыю вёскі ці горада… Галоўнае, каб гэты ўвесь цікавы дос­вед актыўна засвойвалі і астатнія бібліятэкі краіны — прычым, неабавязкова толькі дзіцячыя. Глядзіш, і колькасць маленькіх ды дарослых чытачоў значна пабольшае…

I яшчэ. Цікавым мне падаўся той факт, што ў Расіі яшчэ з 2012 года зрабілі акцыю «Бібліяноч» агульнадзяржаўнай. I, па словах Аксаны Васільевай, удзел у гэтым мерапрыемстве — апраўданы, бо дазваляе распавесці пра бібліятэку і яе дзейнасць усім зацікаўленым бацькам і дзецям, а таксама тым, хто ў кніжніцы даўно не завітвае… Дык мо варта пераняць вопыт расіян ды зладзіць, па пры­кладзе «Ночы музеяў» і ўсебеларускую «Ноч бібліятэк»? (Гэту тэму не так даўно мы абмяркоўвалі на старонках «К» з дырэктарам Магілёўскай абласной бібліятэкі Ілонай Сарокінай: яе стаўленне да акцыі дастаткова крытычнае. — Ю.Ч.) Будзем чакаць водгукаў чытачоў на прапанову, а таксама запрашэнняў на іншыя цікавыя бібліятэчныя мерапрыемствы, хай сабе і не міжнародныя. Галоўнае — каб там было цікава і бібліятэкарам, і журналістам.

Ю. Чарнякевіч

Крыніца: Культура.— 2015.— №23. — С.2-3

Вы можете оставить комментарий, нажав здесь