Адлегласць не перашкода

8Выпадковасці не выпадковы. Складаючы свой план адпачынку і маршрут вандровак па Мінску, Алена Юр’еўна — бібліятэкар з Пярмі — на мапе заўважыла дзіцячую бібліятэку № 8 і вырашыла абавязкова яе наведаць, бо сама працуе ў восьмай дзіцячай бібліятэцы імя П. Бажова горада Пярмі. Такім чынам выпадковы прыватны візіт хутка вырас у міжнароднае супрацоўніцтва.

 Ужо праз пару тыдняў паміж восьмымі дзіцячымі бібліятэкамі Мінска і Пярмі была складзена праграма некамерцыйнага супрацоўніцтва «Мінск-Перм: давайце сябраваць гарадамі».

Праграма накіравана на стварэнне культурных, інфармацыйных і сяброўскіх сувязяў паміж арганізаванымі дзіцячымі групамі і асобнымі карыстальнікамі дадзеных бібліятэк у мэтах умацавання ўзаемаразумення і ўзаемапавагі падрастаючых грамадзян дзвюх славянскіх дзяржаў, а таксама на абмен прафесійнымі ведамі і досведам бібліятэк-удзельніц. Для ўдзелу ў праграме былі запрошаны 4 «А» клас школы № 21 імя М.Ф. Гастэлы г. Мінска і 3 «Б» школы № 60 г. Пярмі.

         Зразумела, супрацоўніцтва і цыкл мерапрыемстваў пачаліся са знаёмства з бібліятэкамі, знаёмства з гарадамі, знаёмства з дзецьмі. Па нябачнай сетцы Інтэрнэту паляцелі паміж Перм’ю і Мінскам відэаролікі пра бібліятэкі, прэзентацыі і песні пра нашы гарады, а паштальёны везлі пасылкі для дзяцей з паштоўкамі і віншаваннямі з надыходзячым Новым годам.

         Маленькія пермякі пазнаёміліся з беларускай сталіцай —»старажытнай, гераічнай, вялікай, прыгожай, утульнай, дзіцячай, зялёнай. Акцэнт быў зроблены на мінскія аб’екты для дзяцей і паркі горада, якіх у нас амаль што дзвесце — не дарма ж Мінск завуць зялёным. Праз нейкі час пермскія трэццякласнікі знаёміліся з беларускай дзіцячай літаратурай, слухалі вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа на беларускай мове, даведаліся пра Янку Маўра, Васіля Вітку, Міхася Лынькова і іх кнігі для дзяцей.

         Пазнаёміліся яны і з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі, даведаліся, што папулярныя ў Пярмі Марыя Бершадская і Сяргей Клімковіч жывуць і працуюць у Мінску.

         Сапраўдным сюрпыразм для дзецей былі відэазвароты да іх Надзеі Ясмінскай, Вольгі Нікольскай і Сяргея Клімковіча, запісанныя спецыяльна для нашай праграмы супрацоўніцтва.

         Неўзабаве пасля гэтага адбылося рэальнае знаёмства дзяцей. Напрыканцы красавіка адбылася доўгачаканая анлайн-сустрэча. Мінчане і пермякі з задавальненнем яшчэ раз знаёміліся адзін з адным, размаўлялі з сябрамі па ліставанні, расказвалі пра сябе і свае захапленні. Мінчане чыталі вершы на беларускай мове і загадвалі беларускія загадкі і, што самае цікавае, вершы пермякі не зразумелі, а загадкі амаль што ўсё адгадалі. Маленькія пермякі паказалі сцэнку па татарскаму народнаму святу «Грачыная каша».

Мінчане у сваю чаргу даведаліся пра горад Перм, яго гісторыю і сучаснасць, пра прыгажуню раку Каму, успомнілі вядомых пермскіх пісьменнікаў Л.І.Давыдычава, У.І. Вараб’ёва, Я.А. Пермяка і пазнаёміліся з В.Ф. Цялегінай, І.П.Хрысталюбавай, А.С. Зяленіным і іншымі пісьменнікамі Пермскага краю.

         Нашу ідэю з відэазваротамі пісьменнікаў да дзяцей падтрымалі калегі з Пярмі, і да нашага супрацоўніцтва далучыліся Таццяна Ляванава — аўтар серыі кніг для падлеткаў «Скразнякі» і Андрэй Зяленін — аўтар прыгод школьніка Корушкіна.

         Напярэдадні Дня Перамогі ў нашых бібліятэках прайшлі мерапрыемствы, прысвечанныя падзеям Вялікай Айчынай вайны. Маленькія пермякі даведаліся пра першыя гадзіны вайны, гераічную абарону Брэсцкай крэпасці, акупацыйны рэжым, партызанскі і падпольны рух і, зразумела ж, не засталася па-за ўвагай самая трагічная ваенная старонка Беларусі — спаленыя разам з жыхарамі вёскі. Зверствы і жорсткасць фашыстаў кранула пермякоў да глыбіні душы, у некаторых на вачах былі слёзы.

         Яшчэ дзеці з Пярмі віртуальна падарожнічалі па самых знакамітых мемарыяльных месцах Беларусі — Брэсцкай крэпасці, Хатыні, Кургане Славы, Буйніцкаму полю, партызанскаму лагеру каля вёскі Станькава Дзяржынскага раёна. А напры­канцы мерапрыемства ў Пярмі зноў гучала беларуская мова. На гэты раз дзеці слухалі песню пра партызан «Ой бярозы ды сосны».

         У Мінску хлопчыкам і дзяўчынкам расказвалі пра жыццё тыла, якое не было лёгкім. Асабліва мінчан уразіла цяжкая праца дзяцей, якія выконвалі і перавыконвалі працоўныя нормы дарослых мужчын і пры гэтым яшчэ наведвалі школу. Яшчэ дзеці даведаліся пра распрацоўку ў сакрэтным бюро аднаго з пермскіх заводаў пораху для «Кацюш», якія ўпершыню былі ўжытыя каля Оршы. Запамінальным для дзецей фактам стала тое, што ўсе салдацкія ка­скі — больш за 11 млн.— былі выраблены ў горадзе Лысьва Пермскага краю.

         Мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі, сталі апошнімі ў праграмме супрацоўнітва гэтага навучальнага года. Наперадзе лета — для дзяцей адпачынак, а для бібліятэкараў — час распрацаваць новы цыкл мерапрыемстваў для далейшага супрацоўніцтва.

М.Петрашкевіч

 бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі №8 г.Мінска

 Крыніца: Бібліятэка прапануе. — 2018. — № 9. — С.35-37

Вы можете оставить комментарий, нажав здесь