Удзельнічаем у конкурсе

Культурны ракурс

 культурн.Чарговая  вандроўка.  Гэтым  разам шлях наш ляжаў у Смаргонь праз аграгарадок Залессе, a менавіта праз адноўленую сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага. Дзве гадзіны — i мы ў Залессі. Нарэшце

пабачылі  саму  сядзібу — прыгожую,  белую, чысцюткую, на фоне блакітнага неба i зеляніны парка, які атачае будынак з усіх

бакоў. Адразу ўзгадалася, якім быў ён некалькі гадоў таму: шэрыя сцены, выбітыя i  закалочаныя  дошкамі  вокны, дзе-нідзе з-за сапсаванай тынкоўкі на вуліцу выглядалі цагліны. А занядбалы зарослы парк нагадваў дрымучы лес.

  Да дзявятай гадзіны стрэлкі  яшчэ не дацягнулі, а раней нас у сядзібе, якая стала музеем, ніхто не чакаў. Таму пайшлі аглядаць наваколле: шыкоўны яблыневы сад,  цудоўны  парк, прыгожае возера з парай лебедзяў i  невялікая рачулка,  берагі якой шчыльна абступаюць дрэвы i кустоўе. Дрымучасць трошкі захавалася. Але ж яна толькі да лепшага! Акультураных берагоў рэк, узятых у бетон, хапае i ў гарадах.

  Нарэшце дзверы сядзібы-музея адчыніліся,  i мы патрапілі ўнутр. Вядома, новы  музей не  можа пахваліцца  багатымі зборамі i  калекцыямі,  тым  больш арыгінальнымі рэчамі. Але тое, што ёсць,  таксама вартае ўвагі. Музычныя інструменты, мэбля, карціны, більярдная зала, прыступкі, па якіх

Міхал Агінскі падымаўся ў спальню. Дарэчы, акрамя сцен, гэта адзінае, што захавалася з часоў вялікага кампазітара.

  Асобна хочацца адзначыць аранжарэю — цудоўны  збор  самых  розных i незвычайных экзатычных раслін, кактусы ў квецені, фінікавая пальма. А яшчэ нам пашчасціла пабачыць кветку расліны, якая цвіце раз на

пяць гадоў.

  Невялікую экскурсію правёў адзін з  даглядчыкаў  сядзібы: ніякага  стандартнага тэксту пра жыццё i творчасць Агінскага, а расповед пра экспанаты, а таксама  пра звычайных людзей, намаганнямі якіх  тут

ладзіцца  новая культурная кропка на мапе Беларусі,  пра праблемы i перспектывы, прыгажосць i недахопы, працу добраахвотнікаў.

  Удосталь нагуляўшыся  па сядзібе, парку i яблыневым садзе,  мы скіраваліся ў бок шашы: нас чакала Смаргонь, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

                 Марына ПЕТРАШКЕВІЧ

Крыніца: Літаратура і мастацтва.— 2017.— №26.— С.16

Вы можете оставить комментарий, нажав здесь