Бібліятэкары прапануюць

Паважаныя чытачы!

Звярніце, калі ласка, увагу на шэраг цікавых, цудоўна ілюстраваных кніг для дзяцей малодшага ўзросту на беларускай мове. Спіс з любоўю падрыхтавалі для вас супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі №4.

Хадасевіч-Лісавая, Кацярына Станіславаўна. Казкі сівой даўніныХадасевіч-Лісавая К. С. Казкі сівой даўніны: для дзяцей мал. і сярэд. шк. узросту / Кацярына Хадасевіч-Лісавая; маст. Кірыл Задворны. – Мінск : Выдавецкі дом “Звязда”, 2014. — 32 с.: іл. – (Вясёлы калейдаскоп).

Сівая даўніна… Як жа жылі нашыя продкі, што рабілі, аб чым марылі, пра што думалі? Мінула некалькі стагоддзяў, але і сёння распавядаюць людзі аб тых далёкіх падзеях. Вось і гэта кніга адразу заваюе чытача, таму што казкі і легенды любяць усе: і дарослыя, і дзеці. Адкуль з’явіліся крыніцы, самыя прыгожыя азёры на Беларусі, чаму рака называецца Вілія? І разам з гэтым — таямнічасць, чараўніцтва, вядзьмарства…

Мінскевіч С. Чароўная крыніца, ці Як навучыць дракона чысціць зубыМінскевіч С. Чароўная крыніца, ці Як навучыць дракона чысціць зубы: казка / Серж Мінскевіч; іл. Яны Войцік. – Мінск : Маст. літ., 2011. – 63 с. : іл.

У горадзе Акуменску была жалоба. Чорныя сцягі віселі на вежах каралеўскага замка і ратушы. У парку не гралі каралеўскія трубачы, і ўсе людзі размаўлялі паміж сабою сцішана, стоена. Што ж здарылася ў каралеўстве? Вось тут і пачынаецца дзейства, галоўнымі героямі якога з’яўляюцца каралеўская дачка-прыгажуня, дракон, разбойнік Буруба-Рубуля, Баба Яга і, канечне, асілак Ратабор. Займальная чароўная казка Сержа Мінскевіча, несумненна, спадабаецца дзецям і дарослым, таму што пранізана цікавымі неверагоднымі прыгодамі і яскравымі персанажамі. Казка напоўнена дабрадушным гумарам і мудрасцю.

Гапеева, Вольга. Сумны супГапеева, В. Сумны суп / Вольга Гапеева. — Мінск : Галіяфы, 2014. — 72 с.: іл. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”. Падсерыя “Каляровы ровар”; вып.4).

Гэта — гісторыі для дарослых дзяцей і маленькіх дарослых. Тут магчыма ўсё: суп можа быць сумным, слоўнікі дапамагаюць парасонам, гузікі могуць хварэць, каты могуць размаўляць па-французску, а вожыкі спрабуюць знайсці адказ на пытанне, якое іх даўно хвалюе, — навошта лічыць авечак. І за ўсім гэтым хаваюцца філасофскія думкі і разважанні. Кніга вельмі цудоўна ілюстравана. Кожная старонка яе – асобная карціна, якая ярка, жыва, па-дзіцячаму адлюстроўвае тое, пра што напісана ў кнізе.

Карлюкевіч, А. М. Зорны шлях белых гарлачыкаўКарлюкевіч, А. М. Зорны шлях белых гарлачыкаў: для мал. шк. узросту / Алесь Карлюкевіч; іл. Яна Жвірблі. — Мінск : Маст. літ., 2010. — 87 с.: іл. — (Казкі XXI стагоддзя).

Аўтар кнігі ў сваіх частых вандроўках запісвае розныя гісторыі, з якіх потым нараджаюцца аповесці-казкі. Вось і героі дадзенай кнігі любяць падарожнічаць — па Беларусі і, ўвогуле, па свеце. Але часам здараецца, што ў сваіх вандроўках яны трапляюць у розныя неверагодныя гісторыі. А як жа з іх выблытацца? Вось тут і патрэбны… так, патрэбны веды. Веды па геаграфіі, гісторыі і, нават, дакладных навук.

Карлюкевіч, Алесь Мікалаевіч. Прыгоды Максімкі на Бацькаўшчыне і ў розных краінах светуКарлюкевіч, А. М. Прыгоды Максімкі на Бацькаўшчыне і ў розных краінах свету: аповесць-казка : для мал. шк. узросту / А. М. Карлюкевіч; мастак А. Б. Аракчэева. — Мінск : Беларус. Энцыкл. Імя П.Броўкі, 2014. — 128 с.: іл.

Дарагі дружа! Калі цябе цікавіць, якога колеру вада ў возеры Байкал і ці можа чалавек пераплысці Ангару, якія птушкі лятаюць над Памірам і колькі кіламетраў праходзіць па пустыні Каракум вярблюд без ніводнага глытка вады, калі марыш паплаваць на в’етнамскай лодцы па рацэ Меконг і хочаш пабыць каля Ніягарскага вадаспаду, то гэта кніга для цябе. Які прыемны занятак — падарожнічаць, адкрываць іншы, дагэтуль невядомы свет, не выходзячы з дому… Якраз з такім героем, што любіць падарожнічаць у думках, марах, нават у снах, вы пазнаёміцеся на старонках кнігі. Завуць яго — Максім Мінскі. Ён такі ж, як і вы: вучыцца ў 4 класе, любіць ганяць мяч па школьным стадыёне, зімой гуляе ў хакей і запрашае вас у цікавую вандроўку!

Зэкаў, Анатоль Мікалаевіч. Безбілетны ЗайЗэкаў, А. М. Безбілетны Зай: [вершы] / А. М. Зэкаў; [маст. А. Сакалоўская]. — Мінск : Маст. літ., 2014. — 20 с.: іл. – (Нашым дзеткам).

Гэта кніга выйшла для самых маленькіх у серыі “Нашым дзеткам”. Ілюстрацыі, папера, вялікія літары — ўсё спрыяе таму, што кніга знойдзе свайго чытача.

6Баравікова, Р. А. Ты не слухай Мішку, коцік!: [вершы] / Р.А. Баравікова; [маст. М.Шыдлоўская] . – Мінск : Маст. літ., 2013. – 20 с. : іл.

— З лыжкаю сябруе мышка, — коціку даводзіць Мішка.

— Не, — сказала Мішку Маша, — З лыжкаю сябруе каша!

І пацвердзіць гэта роцік.

Ты не слухай Мішку, коцік!

Вось так, проста і ясна, пачынаецца кніга. Вершы адрасаваны самым маленькім чытачам і іх мамам, тым, хто хоча, каб беларускае слова гучала ў сям’і з маленства. Кнігу дапаўняюць яркія малюнкі мастачкі Мілы Шыдлоўскай.

 Загадчыца бібліятэкі Л. С. Бусел

Вы можете оставить комментарий, нажав здесь