Святкуйма Дзень роднай мовы разам!  

20190221_14513421 лютага,viber image 2019-02-21 , 15.11.46 акурат у Дзень роднай мовы, дзіцячая бібліятэка №14 запрасіла ў госці шмат людзей, каб адзначыць гэтае цудоўнае Свята разам. Вельмі прыемна, што многія з прысутных – нашы чытачы: некаторыя дык і вельмі часта наведваюць нас! Запрасілі мы іх невыпадкова. Ёсць цудоўная нагода. Кожны год 21 лютага ва ўсім свеце шырока адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны ЮНЭСКА 17 лістапада 1999 года. Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы ў нашай краіне – гэта добрая нагода для таго, каб падтрымаць і падкрэсліць нацыянальную адметнасць другой дзяржаўнай мовы – беларускай. Каб менавіта праз мову захаваць нацыянальную самабытнасць нашага народа, увогуле беларускай нацыі. Нават у Кодэксе аб культуры Рэспублікі Беларусь прапісана: “Беларуская мова (вусная і пісьмовая) – гэта нематэрыяльная каштоўнасць беларускай дзяржавы”. Запрошаныя школьнікі, па-свойму адзначылі гэтае свята ў рамках цэлага тыдня беларускай мовы і літаратуры. А мы, са свайго боку, таксама: на старэйшым абанеменце дзейнічае выстава “Чытайма беларускае:)”, праводзілася квэст-акцыя для дарослых і дзяцей “Скарбы мовы”… І, вядома ж, наш праект “Беларусь маладая” не мог не ажыццявіцца ў такі знакавы дзень. Мы прысвяцілі яго спеўнай, сакавітай мілагучнай роднай беларускай мове. Таму і невыпадкова, што мы зноў назвалі нашу імпрэзу так: “Гучыць беларускае слова, песняй льецца яно…”. Спецыяльна да нас на Свята ў госці завітаў надзвычай таленавіты чалавек – беларускі малады творца, прыгожы і абаяльны, крэатыўны і дужа пазітыўны, вясёлы і жартаўлівы Андрусь Такінданг, які піша вершы, музыку і малюе карціны. Да таго ж раней ён працаваў тэлевядучым, у тым ліку з яго ўдзелам выходзілі рубрыкі “Беларуская мова” у перадачы “Наша раніца”, што на канале АНТ. А. Такінданг скончыў мастацкі каледж імя Ахрэмчыка і Дзяржаўны беларускі ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Удзельнік гуртоў Recha і “Гаротніца”. Сёння працуе мастаком-ілюстратарам. Наш госць – сапраўдны музыка! Грае на розных музычных інструментах. На свята захапіў дзве домбры і пад іх спяваў цудоўныя песні асабістага выканання. Жыва, бадзёра і крэатыўна знаёміўся з падлеткамі, размаўляў з імі на розныя тэмы: пра тое, што яны любяць чытаць, якую музыку слухаюць, чым наогул захапляюцца. Напрыканцы імпрэзы мы нават патанцавалі пад яго хіт “Беларускую мову вучы”. Шмат пазітыву і аптымізму, сонечнай энергіі, цудоўнага настрою падараваў нам спадар Андрусь. І, сапраўды, у сценах нашай установы лілося прыгожае роднае беларускае слова. Як сказаў Якуб Колас: “Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову”. Са Святам усіх нас!  

 

Вы можете оставить комментарий, нажав здесь