Непрыкметна для дзіцячай бібліятэцы №14 падкраўся канец навучальнага года, а разам з ім – і завяршэнне першага года бібліятэчнага праекта па пашырэнню прасторы ўжывання роднай мовы і прываблівання да чытання беларускіх кніг – “Чытанне з Буслікам”.
Нам хацелася апошняю сустрэчу зрабіць святочнай і запамінальнай для нашых дзетак. Таму рыхтаваліся адказна: шукалі спонсараў, каб было, чым узнагародзіць рупліўцаў, запрашалі гасцей і бацькоў, афармлялі залу бібліятэкі.
25 траўня, нягледзячы на санітарны дзень, нашы дзверы расчыніліся і мы пабачылі, такіх па-святочнаму прыбраных дзяцей, іх настаўніцу Марыю Аляксандраўну Гліннік і нават бацькоў! Нашы госці – Зміцер Бурачок ды Мікола Васілёк адпрацавалі сваю праграму так, нібыта ім за гэта грошы заплацілі.
Гэткага энтузіазму і творчай актыўнасці (пры ўсіх добрых водгуках на іх выступленні) мы нават і не чакалі. Не смяяліся, проста рагаталі ўсе: мы, бацькі, дзеці, настаўніца! Сапраўдная святочная атмасфера запанавала ў зале, а атмасфера – вялікая рэч. Калі яна ёсць, усё ідзе, як па маслу. Таму другая палова свята, а гэта была творчая справаздача ўдзельнікаў праекта ды ўзнагароды лепшых з іх, таксама выклікала вялікую зацікаўленасць.
Тым больш, што форма, як нам падаецца, была знойдзена вельмі ўдала. Мы з дзецьмі падрыхтавалі творчую выставу “Маё любімае беларускае слова”. Бібліятэкары, у сваю чаргу, зрабілі тое ж саме ад сябе. Усе працы на стэндзе былі адвернуты ад прысутных і на лістах паперы гледачы маглі ўбачыць толькі нумар.
Хтосьці з дзяцей выцягваў з “барабана” нумар, гучна яго называў, а наша нязменная Сварабабка, якая прайшла з дзеткамі праз увесь праект, пераварочвала гэтыя лісткі, і мы ўсе маглі бачыць любімае беларускае слова наменанта, любімы беларускі верш. Узнагароджваць з усіх сіл і з гумарам нам дапамагалі Бурачок і Васілёк.
Пад час праекта мы з дзеткамі, чыталі па-беларуску, спявалі на роднай мове, жартавалі, слухалі аудыёказкі, глядзелі беларускія мульцікі, святкавалі і гулялі ў народныя гульні. А яшчэ запрашалі ў госці часопіс “Вясёлку”, пісьменніцу Таццяну Сівец, хадзілі самі ў госці да “Дабраранка”, у музей “Беларуская хатка”.
Кожная тэма – новы занятак, а то і два. Вось так. А напрыканцы, пасля гульняў са Сварабабкай, усе пачалі дарыць адзін аднаму падарункі: бібліятэкары – дзецям і пісьменнікам, бацькі – гасцям, настаўніца – вядучым праекта. Ніхто не застаўся без “смачнай” узнагароды. Удзячнасць – вялікая рэч. Кажуць, што гэта самы кароткі шлях да Бога.
І ўдзячныя бацькі паабяцалі, што разам з дзяцьмі, будуць усё лета глядзець беларускую дзіцячую праграму “Дабраранак” ды чытаць беларускія дзіцячыя кнігі. І чакаць выхаду з выдавецтва кніг нашых шаноўных гасцей – Зміцера Бурачка і Міколы Васілька!
Оставить комментарий