«З марай пра белы параход»

У Беларусі заснаваны літаратурны конкурс у памяць пра Чынгіза Айтматава

вввПісьменніку, чыё імя вядомае шырока ў свеце, сёлета споўнілася б 90 гадоў. Ён адлюстроўваў сваю радзіму Кыргызстан, у аснове яго выдатных твораў — нацыянальны характар кыргызаў — людзей стэпу. Майстар мастацкага слова здолеў зрабіць надзвычай прыцягальнымі старонкі сваіх шматлікіх аповесцей i раманаў, якія з захапленнем чытаюць i цяпер, у тым ліку ў нашай краіне.
Па звестках Нацыянальнай кніжнай палаты Рэспублікі Беларусь, у нашай краіне пабачыла свет 10 выданняў твораў гэтага пісьменніка. Ix агульны наклад склаў 334,8 тысячы экзэмпляраў, у тым ліку выйшлі 4 выданні ў перакладзе на беларускую мову накладам 35,8 тысячы экзэмпляраў. Самым папулярным аказаўся раман «Плаха», ён быў надрукаваны ў тым ліку i шрыфтом Брайля.

Чынгіз Айтматаў меў цесную сувязь з Беларуссю. Сябраваў i ліставаўся з народным пісьменнікам Беларусі Васілём Быкавым. Глыбіню яго творчасці Айтматаў адчуваў вельмі тонка: «Ваенная проза Васіля Быкава — адзін злепшых празаічных набыткаў беларускай літаратуры. Лёс збярог нам Васіля Быкава, каб ён пісаў ад імя цэлага пакалення тых, хто ў юнацтве зведаў вайну i ўзмацніўся духам ca зброяй у руках».
Цёплае стаўленне Айтматава да Беларусі можна адчуць нават па такой маленькай дэталі ў рамане «I больш за стагоддзе доўжыцца дзень»: «Яго Каранар усё гэтак жа ішоў у галаве размашыстым нястомным ходам, следам паспявалі па цаліне трактар з прычэпам, у якім поруч з нябожчыкам Казангапам самотна i цярпліва сядзеў яго зяць, муж Айзады, i за імі — экскаватар «Беларусь»…»
Саюз пісьменнікаў Беларусі сумесна з Пасольствам Кыргызскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь з 1 студзеня 2018 года аб’вясцілі літаратурны конкурс «З марай пра белы параход». Ідэю правядзення конкурсу падтрымалі ў Літаратурным інстытуце імя М. Горкага ў Маскве, дзе вучыўся Чынгіз Айтматаў. Літаратурная спадчына Чынгіза Айтматава вартая таго, каб да яе звяртацца зноў i зноў. Айтматаў i сёння вучыць нас сябраваць, дапамагае народам больш глыбока разумець адзін аднаго.

Фармат — сяброўства

Узяць удзел у літаратурным конкурсе «З марай пра белы параход» могуць усе, хто захоплены творчасцю Чынгіза Айтматава, незалежна ад узросту i геаграфіі. Жанравая палітра твораў таксама неабмежаваная: да разгляду прымаюцца аповеды, эсэ, нарысы, лірычныя замалёўкі, звязаныя з творчасцю Чынгіза Айтматава, яго навацыямі ў літаратуры, датычна паэтычнага стылю, рамантызму, філасофскага асэнсавання рэчаіснасці, цікавасці да фальклорных сюжэтаў.
Творы прымаюцца на конкурс да 30 чэрвеня: рукапісы, якія не былі надрукаваныя дагэтуль, аб’ёмам не больш за 5 друкаваных старонак (фармат А4, 14 памер шрыфту Times New Roman). Дасылаць работы можна ў Саюз пісьменнікаў Беларусі (г. Мінск, вул. Фрунзэ, 5) з пазнакай «На конкурс «З марай пра белы параход» або на электронны адрас: oo-spb@tut.by.
У лісце павінны быць i звесткі пра аўтара (прозвішча i імя, дата нараджэння, месца працы ці навучання, адрас, кантактны тэлефон ці пошта). Творы, дасланыя на конкурс, будзе ацэньваць журы, у складзе якога — прадстаўнікі Пасольства Кыргызстана i вядомыя пісьменнікі. Па выніках конкурсу, якія абвесцяць ў ліпені — жніўні, пераможцам уручаць узнагароды, лепшыя творы размесцяць на сайце Саюза пісьменнікаў Беларусі, у літаратурных выданнях Беларусі i Кыргызстана, а таксама ўключаць у зборнік.
«З марай пра белы параход» — гэта конкурс, які не толькі прапагандуе творчасць Чынгіза Айтматава, але i спрыяе захаванню i развіццю культурных каштоўнасцяў сяброўскіх народаў, паразуменню нацый i адкрыццю новых талентаў.

Алена СТЭЛЬМАХ, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі
Крыніца: Літаратура і мастацтва. — 2018. — №3.— С.2

Вы можете оставить комментарий, нажав здесь