header image
 

СТАНЦЫЯ «БЕЛАРУСКАЯ МОВА»

Глядзець палажэнне і анкету

У дапамогу педагогу

Мэта: знаёмства з беларускімі гарадамі, гісторыяй, культурай, літаратурай.

Падрыхтоўка да гульні. Вучні аб’ядноўваюцца ў дзве каманды і выбіраюць капітана. На кніжнай выставе экспануюцца кнігі, часопісы, газеты, дзе змешчана інфармацыя пра свята беларускага пісьменства і гарады — сталіцы свята. У якасці падказкі ўдзельнікам выдаюцца карткі з пералікам усіх гарадоў — сталіц свята.

ХОД ГУЛЬНІ

Вядучы. У першую нядзелю верасня ўся Бе­ларусь адзначае цудоўнае свята — Дзень беларускага пісьменства. Пачатак святу паклала Міністэрства культуры пасля святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны. Гісторыя свята прыводзіць нас у 1994 год у старажытны горад Полацк. Штогод галоўны горад свята мяняецца. Традыцыйна гэта гарады —гістарычныя цэнтры культуры, навукі, літаратуры і кнігавыдання. I сёння мы з вамі ўзгадаем іх.

Чытаць далей

Копия дбп

Дзень беларускага пісьменства — дзяржаўнае свята ў Рэспубліцы Беларусь. Яно адзначаецца з 1994 года ў першую нядзелю верасня. Сёлета прымае гасцей г.Шчучын. Мы, па традыцыі, працягваем вас знаёміць з гарадамі – сталіцамі свята. Вы даведаецеся пра гісторыю старадаўняга Шчучына, гісторыка-культурныя каштоўнасці і помнікі, вядомых на ўвесь свет дзеячоў, пісьменнікаў і мастакоў, чый лёс быў звязаны з гэтымі мясцінамі. Свята ў Шчучыне запомніцца і тым, што тут упершыню будзе ўручана Нацыянальная літаратурная прэмія. Пакуль ідзе актыўная падрыхтоўка да гэтай значнай падзеі, мы запрашаем вас у віртуальнае падарожжа па сталіцы беларускага пісьменства — 2015.

Паважаныя чытачы!

Звярніце, калі ласка, увагу на шэраг цікавых, цудоўна ілюстраваных кніг для дзяцей малодшага ўзросту на беларускай мове. Спіс з любоўю падрыхтавалі для вас супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі №4.

Хадасевіч-Лісавая, Кацярына Станіславаўна. Казкі сівой даўніныХадасевіч-Лісавая К. С. Казкі сівой даўніны: для дзяцей мал. і сярэд. шк. узросту / Кацярына Хадасевіч-Лісавая; маст. Кірыл Задворны. – Мінск : Выдавецкі дом “Звязда”, 2014. — 32 с.: іл. – (Вясёлы калейдаскоп).

Сівая даўніна… Як жа жылі нашыя продкі, што рабілі, аб чым марылі, пра што думалі? Мінула некалькі стагоддзяў, але і сёння распавядаюць людзі аб тых далёкіх падзеях. Вось і гэта кніга адразу заваюе чытача, таму што казкі і легенды любяць усе: і дарослыя, і дзеці. Адкуль з’явіліся крыніцы, самыя прыгожыя азёры на Беларусі, чаму рака называецца Вілія? І разам з гэтым — таямнічасць, чараўніцтва, вядзьмарства…
Читать весь список

Аб’яўлены літаратурна-паэтычны конкурс “Напішы пісьмо салдату”, прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў.

Арганізатары: Дзіцячая бібліятэка №4 г. Мінска; Мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Умовы конкурса:
• Конкурс праводзіцца сярод навучэнцаў школ і гімназій г. Мінска (узрост з 10 да 17 гадоў).
• Работы могуць быць прадстаўлены на беларускай і рускай мовах.
• Работы могуць быць прадстаўлены ў жанрах паэзіі і прозы.
• Конкурсная работа — шрыфт Times New Roman, 14 nr.
• Анкета удзельніка: прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, школа, клас, кантактны тэлефон, адрас пражывання.
• Аповед пра сябе ўключае: якое ў цябе хоббі, як даўно пішыш, якія кнігі падабаюцца.
• Ад аднаго аўтара рэгіструецца толькі адна работа.

Журы: Міхась Пазнякоў — беларускі паэт, празаік, перакладчык, крытык, мовазнавец, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ. Уладзімір Мазго – беларускі дзіцячы пісьменнік, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і прэміі імя В.Віткі.

Прызы:
• Удзельнікі конкурса ўзнагароджваюцца дыпломамі.
• Пераможцы конкурса ўзнагароджваюцца дыпломамі і прызамі.
• Лепшыя работы будуць надрукаваныя ў беларускіх часопісах.

Работы на конкурс прымаюцца з 20 сакавіка па 10 чэрвеня па адрасу:
 г. Мінск вул. Жукоўскага, 9\1. Дзіцячая бібліятэка № 4 кантактны тэлефон: 224-03-33

Час падводзіць вынікі «Бібліязважання-2013”

Намінанты на «Аўтар года»
1. Жвалеўскі-Пастэрнак (прабачайце, аўтар – значыцца, аўтар ;))
2. Раіса Баравікова
3. Валерый Квілорыя
4. Алесь Бадак

“Пяцёрка лепшых” прысуджаецца пяці кнігам, якія абавязкова трэба прачытаць дзецям да 15 гадоў (на думку бібліятэкараў)

Намінанты на “пяцёрку” кніг беларускіх аўтараў
1. “Время всегда хорошее” А.Жвалевского, Е.Пастернак
2. “Гимназия №13” А.Жвалевского, Е.Пастернак
3. “В погоне за “Бешеной  Каракатицей” Валерия Квилории
4. “Ведзьміна тоня” Валерыя Гапеева
5. “Урокі першага кахання” Валерыя Гапеева
6. “Пацучок Фэлік падарожнічае” Алены Масла
7. “Казкі дзядулі Дняпра” Генадзя Аўласенка
8. “Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца” Алеся Бадака
9. “Шчарбаты талер” Андрэя Федарэнкі
10. “Казкі астранаўта” Раісы Баравіковай

Намінанты на “пяцёрку” кніг замежных аўтараў
1. “Мохнатый ребенок” Марины Аромштам
2. “Хранилище ужасных слов” Элия Барсело
3. “Лето Мари-Лу” Стефана Касты
4. “Вафельное сердце” Марии Парр
5. “На качелях между холмами” Михаила Самарского
6. “Облачный полк” Эдуарда Веркина
7. “Хранитель времени” Брайана Селзника
8. “Бей хвостом!” Елены Хрусталевой
9. “Мама Му прыбірае” Юі Вісландэр
10. “Остров в море” Анники Тор

Пераможцы вызначацца непасрэдна на штогадовым “Фестывалі дзіцячага чытання”! “Фестываль-2013” адбудзецца 18 снежня ў 16.00 у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (3 паверх, галерэя). Правы бакавы ўваход праз рэстаран “Мегаполіс”

Палажэнне аб прэміі 

На базе дзіцячай бібліятэкі №15 г. Мінска існуе літаратурны гурток пад зычнай назвай “Малінаўскія галасы”. Сюды прыходзяць як вучні старшых класаў школ мікрараёна, так і значна меншыя па ўзросце. Іх аб’ядноўвае любоў да мастацкага слова і жаданне быць пачутымі ў бязмежнай літаратурнай прасторы. Творчы кіраўнік гуртка – паэтэса Іна Фралова.

***

Па вуліцы цёмнай іду я –

Няма ні людзей, ні машын.

Чарней чорнай ночы пануе

Настрой у самотнай душы

 

Шкрабецца параненым зверам,

Душу на кавалкі ірве,

І топіць сваім недаверам,

Нібыта я ў чорнай дрыгве.

 

Чаромхавай квеццю завею

Услед надушу нацкуе,

Бо розум шчэ цепліць надзею,

І сэрца малітву пяе.

Ганна УРОНСКАЯ

 

***

Бягуць да хат імкліва па двары

Даўно знаёмыя “чужыя” чаравікі.

Ніхто, на жаль, не бачыць, як стары –

Стары сабака іх вядзе падлікі.

 

На лапы ціхенька паклаўшы галаву,

Саромячыся слёз – хавае вочы.

“Стрыжэ” хвастом пажоўклую траву,

Калі пагладзіць знойдзецца ахвочы.

 

Такі, відаць, сабачы выпаў лёс –

Век дажываць нябогам беспрытульным.

Ніхто сабачых не заўважыць слёз…

Усё б нічога! Дзе б куток утульны?!

 

Дварняк галодны з сумам уздыхне:

— Якія могуць быць з жыццем разлікі?!

І ад пачатку самага пачне

Лічыць знаёмыя “чужыя” чаравікі.

Марына МАРОЗАВА

Чытаць далей

Вытрымка з электроннай базы гульняў, літаратурных віктарын, займальных момантаў для правядзення мерапрыемстваў. Створана дзіцячай бібліятэкай №14.

Народныя беларускія гульні

Гусі

Дзіцячая гульня, якая развівае спрыт і лоўкасць.

«Гусіная матка» ў «полі» або на лаўцы кліча «гусей» (за 20—25 м): «Гусі, да дому!». Гусі хорам пытаюцца: «А што дома?» – «Піці і есці, але ж ваўкі дзесьці!» – «А што ім рабіць?». Адказваюць «ваўкі»: «Гусей давіць!», а матка – «Шэры, белы, валахаты, уцякайце  ўсе да хаты !». «Ваўкі» ловяць «гусей», якія не дабеглі да «маткі» Гульня праводзіцца некалькі разоў, пакуль не будуць злоўлены ўсе.

Каршун

Існуе нямала варыянтаў гэтай папулярнай ва ўсіх рэгіёнах Беларусі гульні, хаця аснова ў іх адна. Гульцы стаяць адзін за адным, трымаючыся за пояс папярэдняга. Мэта аднаго, які стаіць насупраць перад гэтым шэрагам, схапіць апошняга.

У некаторых варыянтах гульні («Каршун», «Каршун і качкі») пададзены дыялог каршуна з маткай, якая абараняе качак.

— Каршун, каршун, што ты робіш?

— Ямку капаю.

— Нашто табе ямка?

— Каменьчыкі шукаю.

— Нашто табе каменьчыкі?

— Іголачкі вайстрыць.

— Нашто табе іголачкі?

— Мяшочкі шыць.

— Нашто табе мяшочкі?

— Каменьчыкі збіраць.

— Нашто табе каменьчыкі?

— Тваім дзеткам зубкі выбіваць.

Каршун ловіць качак.

Золата (Скута, Кругавы i iнш.)

Iснуе шмат варыянтаў гульнi. Асноўнае ў iх — iмiтацыя: уяўляецца, што вядучы («раздатчык») кладзе ў працягнутыя i складзеныя далонi гульцоў якi-небудзь прадмет (кальцо, цукерку, манету, вугалёк i г.д.). «Адгадчык» павiнен адгадаць, у чыiх руках знаходзiцца прадмет.

Арэхi (Цот цi лiшка?)

«Арэхi», або, як яе называлi, «Цот цi лiшка?» (гульня щ калядныя вечары). Адзiн з гульцоў браў жменю арэхаў i пытаўся ў другога, цотная цi няцотная колькасць арэхаў. Калi называўся правiльны лiк, дык той, хто адгадаў яго, атрымлiваў гэтыя арэхi, калi — не, то абавязаны быў вярнуць столькi арэхаў, колькi было ў руцэ.

У мядзведзя на бару

«У мядзведзя на бару» — беларуская народная гульня. Сярод удзельнiкаў выбiраецца «мядзведзь». Астатнiя дзецi iмiтуюць збiранне грыбоў i ягад, спяваюць песню: «У мядзведзя на бару грыбы, ягады бяру. Мядзведзь рычыць, на нас глядзiць». «Мядзведзь» бегае за дзецьмi, пакуль усiх не пераловiць. Першы схоплены становiцца «мядзведзем». Гульня працягваецца спачатку.

Чытаць цалкам

Палажэнне аб прэміі “Бібліязважанне”

I. Агульныя палажэнні

1. Прэмія “Бібліязважанне”  заснавана ДУ “Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска”.

2. Прэмія створана з мэтай папулярызацыі беларускай дзіцячай літаратуры і пашырэння супрацоўніцтва з установамі і асобамі, якія неабыякавы да праблем чытання нацыянальнай літаратуры.

II. Арганізацыйная камісія

1. Журы

1.1. 18 дзіцячых бібліятэк г. Мінска ў асобе іх загадчыц

1.2. Дырэктар ДУ “Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска”

1.3. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУ “Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска”

1.4. Электронны голас, які адзначаецца шляхам прамога падліку каментарыяў у блозе ў рубрыцы «Станцыя “Беларуская мова”» (пакідаць каментарыі маюць права ўсе жадаючыя, незалежна ад узросту і роду дзейнасці)

2. Падліковая камісія

2.1. Загадчык аддзела камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага кніжнага фонду

2.2. Старшыня прафсаюзнага камітэта ДУ “Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска”

2.3. Старшыня падліковай камісіі: намеснік дырэктара ДУ “Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г.Мінска”

III. Парадак правядзення:

1. Праводзіцца шляхам запаўнення членамі журы спецыяльнай формы (гл. Дадатак 1) і прамога складання галасоў.

IV. Парадак прысуджэння

1. Прэмія прысуджаецца штогадова ў снежні на “Фестывалі дзіцячага чытання” па выніках дзейнасці і заслуг на працягу бягучага года ў трох намінацыях: “Аўтар года”, “Пяцёрка лепшых”, “Талакоўца”.

2. Рашэнне аб пераможцах прымаюць 18 дзіцячых бібліятэк г.Мінска шляхам абмеркавання і статыстычнага аналізу, а таксама дырэктар і намеснік дырэктара ДУ “ЦСДБ г.Мінска”.

3. Намінацыя “Аўтар года” прысуджаецца самаму чытаемаму беларускаму пісьменніку.

4. Намінацыя “Пяцёрка лепшых” прысуджаецца пяці кнігам, якія абавязкова трэба прачытаць дзецям да 15 гадоў (на думку бібліятэкараў):

—  у межах адной намінацыі асобна вылучаецца пяцёрка кніг беларускіх аўтараў (незалежна ад мовы) і пяцёрка кніг замежных аўтараў;

—  разглядаюцца кнігі, якія паступілі ў фонды бібліятэк на працягу года.

5. Намінацыя “Талакоўца” прысуджаецца частаму госцю бібліятэкі, актыўнаму арганізатару мерапрыемстваў (вылучаецца сярод аўтараў, кіраўнікоў клубаў ці гурткоў, класных кіраўнікоў/настаўнікаў, валанцёраў, мастакоў, музычных дзеячаў і г.д.)

 V. Тэрмін правядзення галасавання і цырымонія ўзнагароджвання

1. Усе члены журы павінны прадаставіць запоўненыя формы да 15 лістапада.  Іхна  працягу 1-2 дзён апрацоўвае падліковая камісія .

2. Урачыстае ўзнагароджванне пераможцаў у намінацыях адбываецца ў снежні ў межах “Фестывалю дзіцячага чытання”.

Па жаданні заснавальніка ў палажэнне могуць уносіцца пісьмова зацверджаныя змяненні і дапаўненні.

 

Дадатак 1

Выяўленне пераможцаў

Намінацыя “Аўтар года” ……………………..

Намінацыя “Талакоўца” ……………………..

Намінацыя “Пяцёрка лепшых” (беларускія аўтары)

1: ………………………

2: ………………………

3: ……………………….

4: ……………………….

5: ……………………….

Намінацыя “Пяцёрка лепшых” (замежныя аўтары)

1: ………………………

2: ……………………….

3: ……………………….

4: ……………………….

5: ……………………….

ПАЛАЖЭННЕ

аб правядзенні конкурсу

«PR-акцыя як сродак прыцягнення да чытання на беларускай мове»

  Мэты і задачы

  • Прыцягненне да  беларускамоўных кніг і фарміраванне прэстыжу чытання на роднай мове сярод мінчан
  • Пошук новых форм і метадаў рэкламы бібліятэк і чытання
  • Павышэнне цікавасці да дзіцячых бібліятэк горада, фарміраванне грамадскай думкі і даверу як у  рэальных, так і ў патэнцыйных чытачоў
  • Папулярызацыя блог-праекта «Станцыя «Беларуская мова» ДУ «ЦСДБ г.Мінска»
  • Павышэнне кампетэнтнасці работнікаў бібліятэк па тэматыцы конкурсу

 Арганізацыя, умовы і тэрмін правядзення

Арганізатарам конкурсу выступае ДУ «Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г.Мінска».

У конкурсе могуць прыняць удзел спецыялісты ўсіх дзічяцых бібліятэк і бібліятэк-філіялаў г.Мінска. Работы могуць быць заяўлены як ад аднаго ўдзельніка, так і калектыўныя.

Выбар формы правядзення і прэзентацыі конкурсных работ застаецца за ўдзельнікамі.

Конкурс праводзіцца ў перыяд з 1 липеня 2013г. па 1 лістапада 2014г. Работы здаюцца ў аддзел бібліятэчнага маркетынгу да 2 лістапада 2014г. Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне пераможцаў адбудзецца на «Кірмашы ідэй».

Лепшыя работы будуць размешчаны ў блог-праекце «Станцыя «Беларуская мова».

 

Крытэрыі ацэнкі PR-акцый

  • Рост колькасці запытаў на беларускамоўную літаратуру, павышэнне кнігавыдачы, колькасць другасных зваротаў пасля ўдзелу ў акцыі
  • Арыгінальнасць і разнастайнасць ідэй пры правядзенні PR-акцыі, выкарыстанне розных прыёмаў и тактык
  • Прысутнасць у PR-акцыі інфармацыйнага і адукацыйнага аспекту
  • Рэзананс у раёне/горадзе (колькасць  водгукаў у СМІ і Інтэрнэце, тон публікацый)
  • Рост колькасці кантактаў з арганізацыямі і людзьмі, зацікаўленымі ў падтрымцы чытання на беларускай мове. Узмацненне PR-акцыі за кошт падтрымкі з боку грамадскасці
  • Агульнае афармленне беларускага фонду як аднаго са сродкаў прыцягнення ўвагі да беларускамоўнай літаратуры, арганізацыя выстаў і палічак

Узнагароды:

Па выніках конкурсу прысуджаюцца прызавыя месцы (1, 2 і 3-е месца). Пераможцы ўзнагароджваюцца дыпломамі і прэміямі.

Журы:

Швед Таццяна Аляксееўна – дырэктар ДУ «Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г.Мінска»

Карзанава Анжаліка Пятроўна – намеснік дырэктара

Воўк Вольга Сяргееўна – загадчык аддзела маркетынгу